На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

У Бялынічах да Дня беларускага пісьменства адкрыюць новы будынак музея

13 жніўня 2020

У Бялынічах да Дня беларускага пісьменства адкрыюць новы будынак раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Пра гэта расказала дырэктар установы культуры Таццяна Цікунова.

«Раней музей размяшчаўся ў былым будынку кінатэатра, які прыстасавалі пад музейныя экспазіцыі. Адразу хацелі захаваць яго: прывесці ў парадак, трохі пашырыць плошчы. Каля двух тыдняў камісіі правяралі стан былога музея. Усе прыйшлі да высновы, што бяспечней, танней і прасцей пабудаваць новы музей. У выніку ад старога застаўся толькі падмурак, – расказала дырэктар музея. – Мы амаль у два разы павялічылі сваю плошчу – цяпер гэта каля 800 кв. м. – і тут усё абсалютна новае».

Будаўніцтва музея ў гістарычнай частцы горада пачалося восенню мінулага года – цяпер у памяшканнях ужо скончылі аздабленне, пачынаюць размяшчаць экспанаты. Фінансаваўся праект з абласнога бюджэту.

Трохі змянілася і канцэпцыя музея. Адной з цэнтральных экспазіцый застанецца галерэя Бялыніцкага-Бірулі: тут будуць размяшчаць яго карціны, транслявацца эпізоды з жыцця мастака. У гэтай жа зале будуць прадстаўлены некаторыя асабістыя рэчы майстра. «З’явілася вялікая зала для прывазных выставачных экспазіцый. Спадзяёмся, ён будзе карыстацца папулярнасцю. З’явіцца ў нашым музеі і зала гісторыі Бялыніцкага краю –тут можна будзе даведацца, як развіваўся наш раён са старажытнасці і да сённяшняга часу», – расказала Таццяна Цікунова.

Яшчэ адна навінка – зала духоўнасці. Цэнтральным экспанатам стане фрэска «Нясенне крыжа», або «Узыходжанне на Галгофу», якую яшчэ ў канцы 70-х гадоў мастак-рэстаўратар Юрый Маліноўскі разам з калегамі выратавалі з разбуранага манастыра кармелітаў у Бялынічах. Пазней ён жа займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй твора мастацтва, а цяпер размяшчае фрэску пад зводамі новага музея.

«Гэта фрэска шмат гадоў была схавана ад вачэй людзей, захоўвалася ў музеях Магілёва. І выдатна, што зараз мы зноў вяртаем яе ў культурны абарот, – адзначыў Юрый Маліноўскі. – Атрымалася вярнуць фрэску на гістарычную радзіму. Нягледзячы на тое, што храм не захаваўся, твор мастацтва зноў будзе ў Бялынічах. І мы спадзяёмся, што гэта духоўная спадчына будзе выклікаць цікавасць як у турыстаў, так і ў жыхароў раёна».

Урачыстае адкрыццё музея адбудзецца ў Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе ў Бялынічах 6 верасня.