На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Вакцинируйтесь! Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Вакцинируйтесь!

26 июня в райисполкоме состоялся семинар-учёба органов территориального общественного самоуправления

26 июня 2018

На нядаўнім семінары-вучобе членаў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання абмяркоўвалася яго роля ў жыцці Асіповіччыны. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Сувееў расказаў пра функцыі мясцовай грамадскасці і яе ўздзеянне на жыццё населеных пунктаў. 36 дэпутатаў раённага і 143 сельскіх Саветаў, 84 старасты вёсак і 132 члены вулічных камітэтаў — вось актыў, на які заўсёды можна абаперціся пры рашэнні важных задач.

Ёсць у раёне грамадскія работнікі, вопыт якіх будзе карысным для многіх. Адзін з такіх — член Перспектыўнага камітэта ТГС № 15 Юрый Ляончык, які паведаміў, як удалося навесці парадак у межах аднаго жылога дома. Жыхары 128 кватэр — гэта каля паўтысячы чалавек — зразумелі: нас акружае тое, што мы захочам. Яны пажадалі бачыць чысціню, акуратна пафарбаваныя сцены пад’ездаў, новую дзіцячую пляцоўку, абгароджаныя плотам газоны, аўтастаянку на 60 індывідуальна замацаваных месцаў, футбольнае поле, сістэму відэаназірання, якая б гарантавала бяспеку. І ўсё гэта праз пэўны час з’явілася, бо насельніцтва прыклала ўласныя рукі і сродкі.

Юрый Вячаслававіч задаволены тым, што знайшліся аднадумцы, якія дбаюць аб агульнай карысці і праяўляюць ініцыятыву. Асабліва прыемна, што сярод іх многа дзяцей. Яны прапаноўваюць, напрыклад, назбіраць камення, размаляваць надворнае абсталяванне, высадзіць і паліць кветкі і г.д. Пад Новы год у двары прыбіраецца ёлка, і жыхары могуць сустрэць свята разам. А сёлета ў халодную пару плануюць заліць каток. Словам, задумкі ёсць, галоўнае, лічыць старшыня, не сядзець склаўшы рукі, а дзейнічаць — і вынік будзе!

Яшчэ некалькі гадоў таму вёска Вялікая Грава належала да ліку так званых бесперспектыўных.  Аспрэчыць гэты статус вырашыла яе ўраджэнка Лідзія Лабус. Аб тым, якія меры прынялі, жанчына і расказала. Паклонны крыж, каплічка, спартыўная пляцоўка, прыбраныя могілкі, вырублены хмызняк — гэта толькі частка таго, што зроблена. Жыхары Вялікай Гравы ўжо шосты год прыводзяць у парадак месца, дзе нарадзіліся, а многія і перабраліся сюды, скончыўшы прафесійную дзейнасць. Дэпутат Галіна Ясючэня, суседзі і дачнікі ахвотна адгукнуліся на прапановы ініцыятара праекта, бо тая змагла перадаць ім агеньчык энтузіязму. А прыемны вынік — некалькі маладых сямей купілі ўчасткі для будоўлі ў гэтым некалі непрывабным для пражывання населеным пункце. Лідзія Сцяпанаўна даказала ўсім, што варта не шмат гаварыць, а хоць крыху зрабіць, галоўнае — каб гэта было карысным для ўсіх.

Дэпутат райсавета Жанна Курыльчык спынілася на формах работы з выбаршчыкамі па добраўпарадкаванні. Да народнага абранніка звяртаюцца часцей за ўсё па самых надзённых пытаннях водазабеспячэння і асвятлення, якасці дарог і графіка работы аўталаўкі, руху грамадскага транспарту і тэрмінах медабслугоўвання.

Тое, што Жанна Іванаўна працуе ў школе, толькі дапамагае ў грамадскай рабоце: бацькі яе вучняў — адначасова і электарат, а таму дырэктар паралельна вырашае прафесійныя і грамадскія пытанні. Найбольшую дапамогу аказваюць старасты вёсак Ліпень, Вязаўніца, Усціж. Даводзіцца ўзаемадзейнічаць і з кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Спраў хапае, а пры мінімуме фінансаў спадзявацца даводзіцца толькі на сябе і добраахвотных памочнікаў. І працоўныя дэсанты ў Ліпені — звыклая справа.

У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел таксама начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Кулік, іншыя ўдзельнікі семінара. Размова атрымалася грунтоўнай невыпадкова: тэма парадку на зямлі, фарміравання павагі да малой радзімы надзвычай актуальная і тычыцца ўсіх.

...Сама ідэя арганізацыі мясцовага самакіравання даволі простая: уцягнуць як мага больш людзей у грамадскае жыццё рэгіёна. Але і складаная адначасова, таму што належыць разварушыць вялікую колькасць інертных асоб. Важна данесці да грамадзян аксіёму: ніхто, акрамя нас саміх, не створыць ідэальных умоў для жыцця. Калі хочаш нешта змяніць навокал — пачні з сябе!