Магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў прыступіў да стварэння скульптуры да Дня пісьменства ў Бялынічах
Магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў прыступіў да стварэння скульптуры «З’ява іконы». Гранітны анёл будзе ўстаноўлены ў Бялынічах, урачыстае адкрыццё адбудзецца ў Дзень пісьменства, 6 верасня. Пра гэта расказаў сам скульптар.
«Цяпер на граніце ўжо добра бачныя контуры анёла. Паводле плана, ён будзе трымаць Бялыніцкі абраз Божай Маці, як бы абдымаючы яе крыламі. У найбліжэйшы час я пачну ўпрыгожваць крылы. На іх з’явіцца ўзор, падобны на выцінанку, – падзяліўся планамі скульптар. – Абраз будзе бронзавы. Ён ужо амаль гатовы».
Новая бялыніцкая скульптура – з пакастоўскага граніту. Пліта вагой 3,6 т прыехала ў Магілёў з Украіны.
«Скульптура будзе памерам 3х2 м. Яе ўстановяць каля царквы ў гонар абраза Божай Маці Бялыніцкай. З гэтай царквой мяне звязвае асабістая гісторыя – шмат гадоў таму мяне хрысцілі ў ёй», – адзначыў скульптар.
Аляксандр Мінькоў ужо каля 15 гадоў займаецца стварэннем розных скульптур з каменю. Яго працы можна знайсці ў розных кутках рэгіёна.