Пад Магілёвам беларускія ваенныя інжынеры рыхтуюцца да Армейскіх міжнародных гульняў
У 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадзе, якая дыслакуецца пад Магілёвам, ідзе падрыхтоўка да Армейскіх міжнародных гульняў, паведамляецца на сайце Мінабароны.
Адборачныя этапы вызначылі найлепшых вайскоўцаў, якія і сабраліся на базе брыгады. Прадстаўнікоў інжынерных войскаў адбіралі практычна ва ўсіх вайсковых частках і падраздзяленнях Узброеных Сіл.
Ваенныя інжынеры ўдзельнічаюць у двух конкурсах – «Бяспечны маршрут» і «Інжынерная формула». Апошні па сваім прынцыпе нагадвае аўтагонкі «Формулы-1» і ніколькі не саступае ім у эфектнасці. Экіпажы праходзяць спецыяльна абсталяваную трасу па прынцыпе эстафеты.
Каманда інжынерных войскаў Беларусі ўдзельнічала ва ўсіх пяці Армейскіх міжнародных гульнях і заўсёды ўваходзіла ў тройку лідараў.
Усяго падчас гульняў плануецца з 23 жніўня да 5 верасня правесці 31 Міжнародны конкурс на тэрыторыі 11 дзяржаў. На сённяшні дзень атрымана пацвярджэнне аб удзеле ў Армейскіх міжнародных гульнях ад 28 краін.