Памяці знакамітага мастака Паўла Масленікава: выстава «Пакаленні» адкрылася ў Магілёве
Урачыстае адкрыццё выставачнага праекта "Пакаленні", прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава, прайшло 14 лютага ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў дырэктар установы культуры Яўген Белавусаў, Павел Масленікаў унёс значны ўклад у развіццё беларускай культуры і мастацтва. Сёння - дзень нараджэння знакамітага мастака. І гэта знакавая дата для супрацоўнікаў музея, усёй вобласці і ўсёй краіны.
"Абласны мастацкі музей мае імя нашага земляка. Павел Васільевіч нарадзіўся ў вёсцы Нізкая Вуліца Магілёўскага раёна, якая потым злілася з вёскай Княжыцы. У 1994 годзе Павел Масленікаў асабіста перадаў у дар музею свае жывапісныя палотны: 134 мастацкія творы, якія заклалі аснову для развіцця і станаўлення музея, - расказаў ён. - Сёння тут адкрылася выстава пад назвай "Пакаленні", прысвечаная юбілейнай даце. Гэтым праектам мы таксама хочам паказаць пераемнасць пакаленняў, бо сваякі нашага земляка, яго дзеці і ўнукі, да гэтага часу непарыўна звязаны з мастацтвам. Гасцямі юбілейных мерапрыемстваў сталі і вучні Паўла Масленікава, які выхаваў сапраўды плеяду вядомых мастакоў у кераміцы, у графіцы, у жывапісе".
Паводле слоў Яўгена Белавусава, адна з залаў выставы раскрывае Паўла Масленікава як тэатральнага мастака - яна прысвечаны менавіта тэатральным работам. Тут размясціліся эскізы да дэкарацый, касцюмаў.
Таксама на выставе прадстаўлены работы, якія захоўваліся ў фондах музея, але раней не выстаўляліся на ўсеагульны агляд. Як адзначыў дырэктар, на сённяшні дзень у фондах музея знаходзяцца 286 твораў, а таксама іншых прадметаў, звязаных з Паўлам Васільевічам Масленікавым.
Тэматычная выстава ў Магілёве будзе працаваць да 29 лютага.
Акрамя таго, у абласным мастацкім музеі адбыўся тэматычны круглы стол, удзельнікамі якога сталі сваякі мастака.