Установы аховы здароўя Магілёўскай вобласці паэтапна вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы
Установы аховы здароўя Магілёўскай вобласці паэтапна вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Так, на гэтым тыдні праводзіцца дэзапрацоўка і плануецца адкрыццё Бабруйскага анкалагічнага дыспансера. У гэтыя ж дні перапрафілюецца і пачынае працаваць у звычайным рэжыме Магілёўскі абласны скурна-венералагічны дыспансер.
Нагадаем, што раней у сувязі з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы вернута аддзяленне (з перапрафіляваных) для паўнавартаснага функцыянавання міжраённага цэнтра па трамбалізісе пры вострым парушэнні мазгавога кровазвароту, уралогіі для Касцюковіцкага, Мсціслаўскага, Клімавіцкага і Чэрыкаўскага раёнаў. З 22 чэрвеня адноўленая інтэрвенцыйная дапамога для жыхароў Бабруйскага, Асіповіцкага, Клічаўскага, Глускага раёнаў на базе Бабруйскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.