Меню
Одно окно
Работа с кадрами
Приемы граждан, прямые телефонные линии
Обращения граждан и юрлиц
Единый день информирования
Официальные документы
Председатель Осиповичского районного исполнительного комитета
Дорогие друзья!
Осиповичский район - один из крупнейших промышленных центров Могилёвской области, важнейший транспортный узел страны.
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
20 августа 2026
«Вёска жыве!» Напрыканцы мінулага тыдня Дзень вёскі прайшоў у Верайцах, Радуцічах і Крынцы
З удзячнасцю землякам
У Верайцах свята адбылося ўпершыню, таму мела асаблівую значнасць як для населенага пункта, так і для яго жыхароў.
Адкрыла мерапрыемства старшыня Пратасевіцкага сельвыканкама Таццяна Пахоменка. Яна пажадала прысутным здароўя, шчасця і дабрабыту і падкрэсліла значнасць падзеі.
Галоўнымі героямі свята сталі мясцовыя насельнікі. Словы ўдзячнасці і павагі гучалі ў адрас старэйшага жыхара вёскі Вячаслава Міхайлавіча Брыцько, якому сёлета споўнілася 86 гадоў. Ушанавалі таксама шматдзетных матуль і самых маленькіх верайцоўцаў. Памятныя падарункі і апладысменты атрымалі Валянціна Шчэцька, якая выгадавала дзевяць дзяцей, і матуля шасці дзяцей Святлана Міхеенка. На сцэну падняліся тройчы матулі Вера Шляхціна і Наталля Ярамоўская, маці чатырох дзяцей Наталля Лабко і Ала Шляхціч. Самая маленькая жыхарка Верайцоў — Валерыя Ганчар: дзяўчынцы 12 жніўня споўнілася тры месяцы. Працягнулася сямейная тэма ўзнагароджаннем «залатых» пар. Паўвекавую мяжу сумеснага жыцця перасягнулі адразу тры сям’і: Таццяны і Уладзіміра Стрэльскіх, Таццяны і Віктара Кудзіновіч, Святланы і Васіля Фаміных.
Адзначылі таксама работнікаў сацыяльнай сферы: паштальёна Наталлю Міхадзюк, прадаўцоў мясцовай крамы Святлану Бяляўцаву, Валянціну Марчанка, Наталлю Осіпаву, фельчара Наталлю Ермалаеву, былога бібліятэкара, заснавальніцу фальклорнага калектыву «Весялухі» Ганну Сугака, працаўніка лазні Жанну Гапа.
З рук старшыні Асіповіцкай райарганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Аляксандра Анюхоўскага падарункі атрымалі тыя, на чый лёс выпалі страшныя выпрабаванні: малалетні вязень канцлагера Валянціна Харлап, удзельнікі вайны ў Афганістане Ігар Гапа, Аляксандр Календа, Уладзімір Стрэльскі, Аляксандр Парашчанка, ліквідатары аварыі на ЧАЭС Віктар Фаліён і Раман Ярамоўскі.
Не абышлося і без ганаровых гасцей. На дзень вёскі завітаў жыхар Масквы Байрамаў Агасаф Ясер аглы. Мужчына ў 1973-1975 гадах праходзіў у Верайцах вайсковую службу і прыехаў, каб падзякаваць сваім камандзірам, падзяліцца ўспамінамі.
Апагеем свята стала вызначэнне пераможцаў конкурсу «Лепшы прыдамавы кветнік». Па рашэнні журы імі прызнаны Людміла Шмігельская, Алена Жук і Наталля Хорава. Жанчыны атрымалі граматы ад сельвыканкама за высокі ўзровень добраўпарадкавання тэрыторыі і каштоўныя падарункі.
Далей прысутных чакала насычаная забаўляльная праграма: канцэрт з удзелам эстраднай фолк-групы «Вяззеўскі кірмаш» аднайменнага Дома культуры і вакальнай групы «Г.Ю.С.О» Ялізаўскага СДК, святочны гандаль і атракцыёны. Завяршыўся святочны дзень яркім феерверкам.
Радуціцкая «Сябрына»
Пад такой назвай прайшло свята ў вёсцы Радуцічы. І, трэба сказаць, тут фантазія арганізатараў разгулялася на поўную моц. Замест звычайнага канцэрта работнікі мясцовага клуба пад кіраўніцтвам Наталлі Мельнік зладзілі пастаноўку ўласнай версіі вядомага кінафільма «Вяселле ў Малінаўцы». Перад гледачамі з’явіліся і плутаваты Папандопала, і мажная Трындычыха, і нават дзед Нічыпар. З жартамі і смехам яны філігранна падвялі да афіцыйнай часткі праграмы, якую адкрыла старшыня Дараганаўскага сельвыканкама Тамара Валадзько. Павіншавала Радуцічы і дэпутат райсавета дэпутатаў, дырэктар Дараганаўскай сярэдняй школы Жанна Пінчук. Яна асабліва адзначыла неверагоднае адзінства, якое пануе паміж сяльчанамі, пажадала ўсім прысутным здароўя, міру і дабрабыту.
Па традыцыі госці прыйшлі не з пустымі рукамі. Тамара Юльянаўна і Жанна Уладзіміраўна ўручылі невялікія падарункі вяскоўцам адразу ў некалькіх намінацыях. Так, старэйшыя жыхары Радуцічаў Ніна Паланейчык, Кацярына Міхалькевіч, Таццяна Мельнік, Таццяна Ерко, Лідзія Сяргейчык, Ганна Паходава, Марыя Чарткова, Соф’я Рэвутава, Людміла Сафонава і Ларыса Нагайцава былі аб’яднаны ў намінацыю «Залаты фонд Радуцічаў». Самая маленькая радуцічанка — Аліна Ерко — атрымала падарунак у намінацыі «Будучыня Радуцічаў», а ў намінацыі «Каханне і вернасць» адзначылі сям’ю Іны і Сяргея Жытнік.
Асаблівую ўвагу мясцовыя жыхары надаюць добраўпарадкаванню, гаспадарлівасці і актыўнасці ў агульных справах. Таму адпаведныя намінацыі былі багатыя на ўзнагароджаных. У намінацыі «Дом, падворак узорнага парадку» адзначылі Ніну Паланейчык, Уладзіміра Ерашэвіча, Валерыя Багдановіча, Уладзіміра Жытніка і Ларысу Нагайцаву. Намінацыя «Майстар — залатыя рукі» аб’яднала ўнікальных людзей, чые хобі і праца выклікаюць захапленне: Людмілу Мірончык, Таццяну Лубнеўскую, Валянціну Выдрову, Мікалая Картуна, Ігара Мельніка, Уладзіміра Ерашэвіча.
Наступныя намінанты адзначыліся захаваннем традыцыі вясковага падворка. Іх раніца пачынаецца задоўга да першых пеўняў. Дзякуючы іх упартасці вясковае жыццё застаецца сапраўдным, жывым і сытым. У намінацыі «Генератар хатняй гаспадаркі» ўзнагароды атрымалі Мікалай Нягоцкі, Уладзімір Астрэйка, Анатоль Аўдзейчык, Ігар Мельнік, Іван Гладышаў.
Гераіні намінацыі «Актыў без межаў», прысвечанай Году беларускай жанчыны, даказалі: для сапраўднага лідарства, міласэрнасці не існуе межаў — ні геаграфічных, ні прафесійных, ні ўнутраных. Яны паспяваюць усё і яднаюць вакол сябе сотні людзей. Падарункамі і словамі падзякі адзначаны Наталля Гоціна, Тамара Купрыянчык, Марына Падзера, Анастасія Літцава, Алена Ерко і Ганна Новік.
Як і любое свята, радуціцкая «Сябрына» не абышлася без музыкі і забаў. Дарослыя атрымалі асалоду ад спеваў народнага ансамбля народнай песні «Чыстыя крыніцы» Вязаўніцкага сельскага Дома культуры, а маленькія жыхары Радуцічаў бавілі час на надзіманых горках і батутах.
Святая, як хлеб, вёсачка мая
Весела и пазнавальна прайшлі выхадныя і ў вёсцы Крынка. Свята сабрала ў гэтым невялічкім кутку Асіповіччыны каля 100 чалавек.
Мерапрыемства адкрыла старшыня Дараганаўскага сельвыканкама Тамара Валадзько. Павіншаваць вяскоўцаў таксама прыехалі дэпутат райсавета дэпутатаў Жанна Пінчук і дэпутаты Дараганаўскага сельвыканкама. Госці шчыра пажадалі прысутным здароўя, міру і дабрабыту.
Не абышлося і без ушанавання мясцовых жыхароў. Словы падзякі пачулі ў свой адрас старажылы Марыя Альфяровіч і Марыя Кузьміч, а Ганна Маслава падзялілася ўспамінамі пра мінулыя часы.
Святочны настрой ствараў ансамбль «Вяселле» Каўгарскага сельскага клуба, які парадаваў шыкоўнай канцэртнай праграмай.
osipovichi-region.by