Свислочский замок в XVII в. Реконструкция А. Сергачова |
Да самых вытокаў
Багатая і самабытная гісторыя Асіповіцкага краю сыходзіць сваімі каранямі ў далёкую старажытнасць. Выяўленыя навукоўцамі помнікі археалогіі: стаянкі і магільнікі каменнага і бронзавага вякоў, селішчы і гарадзішчы жалезнага веку і сярэднявечча, славянскія курганныя могільнікі - сведчаць аб бесперапынным развіцці грамадства са старажытнасці да ўзнікнення першых дзяржаўных утварэнняў.
Засяленне тэрыторыі раёна адбываецца яшчэ ў эпоху мезаліту (IX-V тыс. да н.э.), пра што сведчаць чатыры адкрытыя стаянкі: тры на рацэ Пціч каля вёсак Дрычын, Радуцічы, Слопішча і адна - на Бярэзіне паміж в. ... Касье.
У бронзавым веку на Асіповіцкай зямлі распаўсюдзілася сярэднедняпроўская культура. Стаянкі гэтай эпохі выяўлены каля вёсак Галынка, Майсеевічы, Радуцічы, магільнікі каля Вялікага Гарожа, Буды, Ставішчаў.
Эпоха жалезнага веку пачынаецца на Беларусі каля 7-5 ст. да н.э. На тэрыторыі нашага раёна яшчэ на пачатку XX ст. было вядома каля 20 гарадзішчаў гэтага перыяду. Яны знаходзіліся каля вёсак Сёмкава Слабада, Ражнетава, Каменічы, Лучыцы, Гарожа, Радуцічы, Лапічы, Мэта, Свіслач, Паліцкае, Смык, Зборск. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры апошнія.
У канцы 1-га - пачатку 2-га тысячагоддзя нашай эры тэрыторыю сярэдняй Беларусі пачынаюць засяляць славяне. У гэты ж час у іх пачынаецца фармаванне дзяржаўных адносін.
У Асіповіцкім раёне сляды першых славянскіх паселішчаў адкрыты археолагамі каля вёсак Смык, Свіслач, Зборск, Паліцкае, Лапічы, Ліпень, Чучае, Усціж, Мэта, Гарожа, Казімірава, Краснае.
У эпоху Кіеўскай Русі тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Свіслацкага княства, якое займала частку цяперашніх Чэрвеньскага, Клічаўскага, Кіраўскага, Бабруйскага, Глускага, Старадарожскага і Пухавіцкага раёнаў. У першай палове XI ст. каля вусця ракі Свіслач быў узведзены Свіслацкі замак як фарпост полацкіх князёў на мяжы з Кіеўскай Руссю.
У 1350-я гады пасля смерці апошняга Свіслацкага князя Сямёна княства перайшло ў рукі вялікага князя Літоўскага. Прыблізна ў 1358 годзе яно было падзелена на часткі, і Свіслач стала цэнтрам аднайменнай воласці.
Свислочский замок в XVII в. Реконструкция А. Сергачова |
У канцы XVI стагоддзя Свіслацкай воласцю і адпаведна замкам стаў валодаць пан Міхаіл Гарабурда; прыблізна з 1630-х гадоў прасочваецца сумеснае валоданне Свіслаччу родаў Гарабурдаў і Радзівілаў.
У XVII стагоддзі Свіслацкі замак ператварыўся з ваеннага аб'екта ў феадальны двор, не прыстасаваны да абароны, што і пацвердзіла вайна 1654-1667 гадоў Рэчы Паспалітай з Расіяй. 2 ліпеня 1655 года замак быў узяты штурмам казакамі, спустошаны і спалены. У наш час ад замка засталіся толькі рэшткі земляных валаў і рова.
Руіны каменнай будовы, якая ўспрымаецца як частка замкавай будовы, насамрэч датуюцца XIX ст. і з'яўляюцца рэшткамі гаспадарчай пабудовы, якая належала памешчыкам Незабытоўскім.