(Засяленне тэрыторыі раёна адбывалася яшчэ ў эпоху мезаліту (IX-V тыс. да н.э.), пра што сведчаць чатыры адкрытыя стаянкі: 3 на рацэ Пціч каля вёсак Дрычын, Радуцічы, Слопішча і 1 – на Бярэзіне паміж в. Краснае і в. Касье.
У бронзавым стагоддзі (канец III-га - II-га тыс. да н.э.) на Асіповіцкай зямлі распаўсюдзілася сярэднедняпроўская культура. Стаянкі гэтай эпохі выяўлены каля вёсак Галынка, Майсеевічы, Радуцічы, магільнікі каля Вялікага Гарожа, Буды, Ставішчаў.
Эпоха жалезнага веку пачынаецца на Беларусі каля 7-5 ст. да н.э. На тэрыторыі нашага раёна яшчэ на пачатку XX ст. было вядома каля 20 гарадзішчаў гэтага перыяду. Яны знаходзіліся каля вёсак Сёмкава Слабада, Ражнетава, Каменічы, Лучыцы, Гарожа, Радуцічы, Лапічы, Мэта, Свіслач, Паліцкае, Смык, Зборск. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры апошнія.)
У канцы І-га - пачатку ІІ-га тысячагоддзя нашай эры тэрыторыю сярэдняй Беларусі пачынаюць засяляць славяне. У гэты ж час у іх пачынаецца фармаванне дзяржаўных адносін. У Асіповіцкім раёне сляды першых славянскіх паселішчаў адкрыты археолагамі каля вёсак Смык, Свіслач, Зборск, Паліцкае, Лапічы, Ліпень, Чучае, Усціж, Мэта, Гарожа, Казімірава, Краснае.
У эпоху Кіеўскай Русі тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Свіслацкага княства, якое займала частку цяперашніх Чэрвеньскага, Клічаўскага, Кіраўскага, Бабруйскага, Глускага, Старадарожскага і Пухавіцкага раёнаў. У першай палове XI ст. каля вусця ракі Свіслач быў узведзены Свіслацкі замак - як фарпост полацкіх князёў на мяжы з Кіеўскай Руссю.
У 1350-ыя гады пасля смерці апошняга Свіслацкага князя Сямёна княства перайшло ў рукі вялікага князя Літоўскага. Прыблізна ў 1358 годзе яно было падзелена на часткі, і Свіслач стала цэнтрам аднайменнай воласці.
У канцы XVI стагоддзя Свіслацкай воласцю і адпаведна замкам стаў валодаць пан Міхаіл Гарабурда; прыблізна з 1630-х гадоў прасочваецца сумеснае валоданне Свіслаччу родаў Гарабурдаў і Радзівілаў.
У XVII стагоддзі Свіслацкі замак ператварыўся з вайсковага аб'екта ў феадальны двор, не прыстасаваны да абароны, што і пацвердзілася падчас вайны 1654-1667 гадоў Рэчы Паспалітай з Расіяй. 2 ліпеня 1655 года замак быў узяты штурмам казакамі, спустошаны і спалены.
У наш час ад замка засталіся толькі рэшткі земляных валаў і рова. Руіны мураванай будовы, якая ўспрымаецца як частка замкавай будовы, насамрэч датуюцца ХІХ ст. і з'яўляюцца рэшткамі гаспадарчай пабудовы, якая належала памешчыкам Незабытоўскім.