На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

На вялікім уздыме

Гады восьмай пяцігодкі сталі для Асіповічаў пачаткам новага этапа развіцця.

У сувязі з узятым XXIII з'ездам КПСС курсам на прамысловае будаўніцтва пераважна ў сярэдніх і невялікіх гарадах краіны было прынята рашэнне размясціць тут шэраг прадпрыемстваў саюзна-рэспубліканскага значэння. На развіццё гарадской гаспадаркі накіроўвалася ў 5 разоў больш сродкаў, чым у мінулыя пяць гадоў. Інстытутам "Белдзяржпраект" быў распрацаваны і ў 1966 годзе зацверджаны праект планіроўкі і забудовы горада, разлічаны да 1985 года.

У Асіповічах разгарнулася вялікае будаўніцтва. Акрамя млынавага камбіната будаваліся кардонна-рубероідны завод, завод жалезабетонных канструкцый, аўтарамонтныя майстэрні, прамысловая база СУ-89, аўтабаза. Уступілі ў строй сталярны цэх прамкамбіната, кансервавы цэх кансервава-харчовага камбіната. Гараджане атрымалі 12 343 квадратныя метры жылой плошчы - 325 добраўпарадкаваных кватэр. Акрамя таго, штогод з дапамогай дзяржавы ўзводзілася 140-150 дамоў індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Пабудаваны таксама будынкі гарвыканкама і аддзяленні Дзяржбанка, супрацьсухотнага дыспансера, дзіцячых садоў-ясляў. Пачала дзейнічаць АТС.

У гады дзевятай пяцігодкі ў Асіповічах працягвалася хуткае развіццё прамысловасці.

Вясной 1974 года жыхары Асіповічаў устанавілі брацкія сувязі з балгарскім горадам Траўна. У чэрвені ў Балгарыю выехала дэлегацыя асіпаўчан, якую цёпла сустрэлі працоўныя Траўны. У Доме культуры адбыўся мітынг. Члены дэлегацыі наведалі шэраг прадпрыемстваў, пазнаёміліся з культурным жыццём і славутасцямі горада. Завяршылася сустрэча ўвечары сяброўства, на якім быў падпісаны дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве Асіповічаў і Траўны. Яны сталі гарадамі-пабрацімамі. Гэта садзейнічала яшчэ большаму ўмацаванню сяброўскіх адносін, якія ўстанавіліся паміж працоўнымі Магілёўскай вобласці і Габроўскай акругі Народнай Рэспублікі Балгарыі.

Дзесятая пяцігодка стала для Асіповічаў перыядам новага росту. На развіццё гарадской гаспадаркі было накіравана больш за 33 млн. рублёў - у 1,5 раза больш, чым у дзявятым пяцігоддзі.

У строй дзеючых уступіла новае прадпрыемства — завод аўтамабільных агрэгатаў, якое ўключыла ў свой склад механазборачны цэх Мінскага аўтазавода. Пачалося ўзвядзенне новага будынка хлебазавода. Пасля рэканструкцыі ў 2 разы ўзрасла магутнасць камбікормавага цэха камбіната хлебапрадуктаў. Пры гэтым палепшылася якасць прадукцыі, у 2 разы павялічыўся выпуск яе ў гранулах, што значна скараціла страты пры транспарціроўцы. За ўкараненне перадавой тэхнікі і рацыяналізатарскую работу слесар-электрык В.М.Баразна, токар В.С.Доўнар, майстар пагрузкі В.М.Краснічэнка і начальнік камбікормавага цэха В.М.Жыдовіч былі ўзнагароджаны бронзавымі медалямі ВДНГ СССР.

У цэлым за гады 10-й пяцігодкі аб'ём прамысловай прадукцыі ў Асіповічах павялічыўся на 53,9 працэнта. 75 працэнтаў прыросту было атрымана за кошт павышэння прадукцыйнасці працы.

Асабліва значных працоўных поспехаў дабіўся кардонна-рубероідны завод. Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва калектыў прадпрыемства ўзнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, НЦСПС і ЦК УЛКСМ, а таксама Памятным знакам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК УЛКСМ "За высокую эфектыўнасць і якасць работы ў 10-й пяцігодцы. » з унясеннем на Усесаюзную дошку гонару на ВДНГ СССР.