На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Агракомплекс Магілёўскай вобласці на трэць павялічыў вытворчасць прадукцыі, а чатыры раёны амаль падвоілі збор збожжа

23 лістапада 2020

Магілёўскі прарыў

Калі ў лічбах, то яго ўклад у наш агульны каравай выглядае так. Валавы намалот збожжавых з кукурузай – больш за 1,2 мільёна тон у бункернай вазе, або 133,1 працэнтаў да ўзроўню 2019 года. Істотна вырасла і сярэдняя ўраджайнасць – 36,1 цэнтнера з гектара, на 6,5 больш за леташні, перавыканана заданне па пастаўцы збожжа ў лік дзяржзаказу.

Самыя значныя дасягненні паказалі Горацкі, Магілёўскі і Шклоўскі раёны, якія перасягнулі 100-тысячную мяжу па намалоце збожжавых. А вось чатыры раёны, якія раней адносілі да ліку аўтсайдараў, – Быхаўскі, Дрыбінскі, Клічаўскі і Слаўгарадскі – амаль падвоілі вытворчасць збожжа. Спецыяльна для «СГ» іх кіраўнікі расказваюць, што гэтаму спрыяла.

Старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта:

– Мы атрымалі збожжавых і зернебабовых больш за 30 тысяч тон супраць 15 тысяч у мінулым годзе. Ураджайнасць з 18,7 вырасла да 27,3 цэнтнера з гектара. Кармоў нарыхтавалі на трэць больш, чым у мінулым годзе, зернефуражу – у два разы. Урадзіў рапс – 146 працэнтаў росту.

Ураджай пачалі фарміраваць яшчэ мінулай восенню. Памянялі структуру пасяўных плошчаў: на 20 працэнтаў павялічылі клін азімых. На 8000 гектарах унеслі гліфасаты, каб прыбраць усю пустазельную расліннасць. Гэта, паверце, вельмі эфектыўны аграпрыём, таму што той жа пырнік да 50 працэнтаў вільгаці і пажыўных рэчываў адбірае ў культурных раслін. Каб атрымаць добры ўраджай яравых, паднялі больш за 6000 гектараў зябліва. Што тычыцца вясновай кампаніі, то адсеяліся ў аптымальныя тэрміны, зрабілі ўпор на больш рэнтабельны ячмень. Правялі доглядавыя работы. І яшчэ адна кропка росту – азотныя ўгнаенні.

Усё гэта склалася і спрацавала дзякуючы ўзаемадзеянню аблвыканкама, камітэта па сельскай гаспадарцы і прадпрыемстваў: Магілёўскі мясакамбінат, «Бабушкина крынка», «Аграмашсэрвіс» выратоўвалі крэдытамі. Па праграме развіцця паўднёвага ўсходу атрымалі тэхніку. У прыватнасці, апырсквальнікі, якія дапамагалі выконваць апрацоўкі ў аптымальныя тэрміны. Зараз робім зачын на ўраджай наступнага года па той жа схеме: на практыцы пераканаліся, якія тэхналогіі прыносяць эканамічны эфект.

Намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Атрошанка:

– Вал збожжа ў нас 54 тысячы тон без кукурузы, у 2019-м было 30 тысяч. Ведаеце, у пачатку года было шмат страху, але ў выніку ўсё склалася: надвор’е не засмуціла, вобласць забяспечвала сродкамі абароны, мінеральнымі ўгнаеннямі ў поўным аб’ёме, усё змаглі зрабіць своечасова. Атрымалі ў лізінг дзевяць новых камбайнаў, да пасяўной – сем раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў, дзевяць энерганасычаных трактароў. Вылучаліся з бюджэту грошы на рамонт тэхнікі, былі забяспечаныя палівам – не стаялі ні дня. Найлепшых вынікаў дамогся філіял «Макранскі» ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод»: там намалацілі больш за 9300 тон пры ўраджайнасці 34,6 цэнтнера – гэта больш за 220 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Стрэлілі азімыя, якіх у 2019-м дадалі 3500 гектараў, а таму іх клін павялічваем сёлета яшчэ на 1,5 тысячы гектараў. Гэта адбіваецца на эканоміцы: выхад азімага збожжа вышэйшы за яравое. Каля 20 працэнтаў прыросту ўраджаю бачым у тым, што павялічылі плошчы ўнясення гліфасатаў– гэта было патрабаванне старшыні аблвыканкама. І ў цэлым захаванне яе вялікасці тэхналогіі дало такі вынік. Дзякуючы наяўнасці паліва і тэхнікі змаглі падняць па восені 9000 гектараў зябліва, а гэта значна больш эфектыўна, чым вясновае ўзворванне.

Першы намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Віталь Сіта:

– Прырост ўраджаю збожжавых –165,8 працэнта. 34,4 тоны – гэта збожжавыя і зернебабовыя, яшчэ 10 тысяч тон кукурузы на збожжа плюс ураджай фермераў – разам каля 56 тысяч тон. Ураджайнасць 29,5 цэнтнера з гектара ў межах краіны не ўражвае, але атрымалі мы яе на пясках.

Як і ў іншых раёнах, адчулі дапамогу вобласці ў забяспечанасці ўгнаеннямі. Слабым звяном застаецца тэхніка. Пытанне стаіць востра: трактары выпрацавалі рэсурс, часта ламаюцца, а час на палявых працах –грошы. Трэба ў лізінг у кожную гаспадарку хоць бы па адным энерганасычаным трактары з усім шлейфам: плуг, барана, сеялка. Гэта дапамагло б выконваць тэхналогію. Бо калі прапусціў тэрміны –выдаткі тыя ж, а вынік не той. Трэба набываць шыроказахопныя бароны.

Калі гаварыць пра перадавікоў, то гэта УКСП «Саўгас “Добраахвотнік”»: амаль трэць раённага каравая –вал па збожжы большы за 11 тысяч тон, ураджайнасць – звыш 40 цэнтнераў. Пасеялі ўжо больш за 10 тысяч гектараў азімых, з іх 8000 –на збожжа, астатняе –на зялёны корм. У шэрагу гаспадарак у нас вялікая шчыльнасць жывёлы, утрымліваецца без выпасу. Таму дапамагае тэхналогія «два ўраджаі з аднаго поля». Сеем азімыя, прыбіраем у маі на зялёны корм, а на гэтым жа полі саджаем кукурузу на сілас. На нашых пясчаных глебах добры вынік даюць азімыя, сёлета павялічылі клін на 10 працэнтаў. І ўсё ж па тэхнічных прычынах не змаглі зрабіць усё, што хацелі. У абнаўленні парку сельгастэхнікі бачым кропку росту.

Першы намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Андрэй Балашэнка:

– Вал збожжа без кукурузы – 42 тысячы, а летась – 25 тысяч тон. З кукурузай будзе каля 50 тысяч. Ураджайнасць вырасла з 22 да 32 цэнтнераў з гектара. Амаль падвоіўся ўраджай у «Дрыбін-Агра» і «Дрыбінрайаграпрамтэхснабе». Гэтыя сельгаспрадпрыемствы перадалі Горацкаму элеватару у давернае кіраванне на тры гады. Інвестыцыі склалі каля 4 мільёнаў рублёў: элеватар уклаў грошы ў закупку тэхнікі, рамонт, сродкі абароны, угнаенні, насенне, паліва. І эфект відавочны. Робім стаўку на рапс, павялічваем і сёлета плошчы, таму што культура рэнтабельная. Закупілі ў лізінг шыроказахопныя бароны, знасіліся энерганасычаныя трактары –патрабуюцца ўклады. Ураджай падлічылі, а цяпер трэба лічыць грошы: вяртаць крэдыты і прадумваць чарговы інвестыцыйны план.