На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Вясной на Траецкай набярэжнай Магілёва з'явіцца арт-інсталяцыя «МОВА»

24 лютага 2020

У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, кампанія А1 прадставіла новы праект, дзякуючы якому ў рамках ініцыятывы «Веліч роднай мовы» вясной 2020 года ў Магілёве і найбуйнейшых гарадах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі і Мінску – з’явіцца серыя незвычайных мастацкіх інсталяцый. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць з сябе вулічную мэблю, вырабленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.

Лакальныя асаблівасці кожнага з шасці рэгіёнаў будуць паказаныя праз колер інсталяцый – ідэя праекта грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях найбуйнейшага беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.

«З дапамогай арт-інсталяцый мы хацелі б падкрэсліць, што родная мова – гэта прыгожа і камфортна, а яе прысутнасць змяняе да лепшага ўсё вакол нас. А1 невыпадкова ўзялася за рэалізацыю такога праекта, бо прэзентацыя нацыянальных феноменаў і падтрымка беларускай мовы – адны з найважнейшых кірункаў дзейнасці нашай кампаніі. Зашыфраваўшы яе імя ў слове «МОВА», гэты прыярытэт мы вылучылі і візуальна. Калі ўсе арт-аб’екты будуць усталяваныя, плануем стварыць каля іх сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампанііА1 Мікалай Брэдзелеў.

У Магілёве інсталяцыя з’явіцца на Траецкай набярэжнай. Для яе падабрана спалучэнне зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага. У гэтым каляровым пасланні зашыфраваны напамін пра культуру, духоўнасць і прыродныя краявіды Магілёўшчыны: дасягненні мясцовай школы дойлідства, культавыя пабудовы праваслаўных храмаў мінулых стагоддзяў, традыцыі іканапісу і разьбярства, з’яўленне аднаго з першых гарадскіх тэатраў краіны, стромкія берагі Дняпра.