На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Жанчыны-камбайнеры Шклоўскага раёна прымалі падарункі ад БСЖ

5 жніўня 2021

Жанчыны-камбайнеры Шклоўскага раёна прымалі падарункі і віншаванні ад Беларускага саюза жанчын.

«Рэспубліканская акцыя «Хлеб на далонях жанчыны» праходзіць сёння на Магілёўшчыне, – адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў і член праўлення БСЖ Вольга Петрашова. – Па традыцыі мы ўжо сёмы год адзначаем жанчын-камбайнераў, якія ўносяць свой пасільны ўклад у хлебны каравай краіны. Такіх на ўвесь рэгіён набралася ўсяго дзесяць чалавек – гэта жонкі і дочкі, маладыя спецыялісты і нават шматдзетныя мамы. Іх праца заслугоўвае павагі, а высокія вынікі ў бітве за ўраджай – нашай падзякі».

У Шклоўскім раёне жанчыны-камбайнеры працуюць у трох гаспадарках – ААТ «Амкадор-Шклоў», ЗАТ «Ніва» і ААТ «Гавяды-Агра». Так, муж і жонка Алена і Сяргей Галубцовы з ЗАТ «Ніва» за адным камбайнам ужо шостую ўборачную. За гэты час пачалі разумець адзін аднаго без слоў. «Жонка і гайку можа падкруціць, і ключ падаць – усё робім разам», – кажа муж.

«Жанчыне на камбайне няпроста, але чалавек да ўсяго прывыкае, таму і працуем бок аб бок не першы год, – кажа Алена Галубцова. – Збожжа прыбіраем ужо трэці тыдзень – праца адказная ад відна і да відна. Гарачае надвор’е, вядома ж, падсушыла ўраджай, але мы нацэленыя на вынік – будзем прыбіраць хлеб да апошняга зярнятка».

У ААТ «Амкадор-Шклоў» працуе 11 экіпажаў, з іх толькі адзін сямейны. Ужо другі тыдзень на палі гаспадаркі выязджаюць бацька і дачка Віталь Петрашэнка і Кацярына Крузьмер. Дзяўчына – будучы настаўнік фізкультуры, студэнтка трэцяга курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. На ўборачнай ужо не пачатковец – трэці год на пасадзе камбайнера. Віншаванні прымае з удзячнасцю: такая ўвага прыемная і натхняе на новыя перамогі ў бітве за ўраджай.

«Працу ўжо ведаем, усё ладзіцца і атрымліваецца, – кажа Кацярына Крузьмер. – Сябры і знаёмыя нават не дзівяцца, што ўсё лета працую на камбайне. Адзінае, да чаго дагэтуль не прывыкла – гэта ранні пад’ём: праца ідзе напружаная з 7 раніцы і да 10 вечара. Заробленыя грошы пакуль не марную: адкладаю на мару: хачу купіць машыну. Правы ўжо ёсць, засталася справа за малым».

Дэпутаты і прафсаюзы таксама пабывалі ў ААТ «Гавяды-Агра», дзе на адным камбайне працуюць маладыя Яўген і Ангеліна Шэўчык. На дзвюх мінулых уборачных яны значыліся як моладзевы змешаны экіпаж, а ў гэтым сталі яшчэ і сямейным. Вяселле згулялі ўсяго два тыдні таму, перад пачаткам масавай уборкі збожжавых. Мядовы месяц праходзіць у бітве за новы ўраджай.

Усе працаўніцы атрымалі ў падарунак ад дэпутата і прафсаюзаў бытавую тэхніку, пасцельную бялізну, касметыку і кветкі, а таксама пажаданні поспехаў у працы і сямейнага дабрабыту.

У гэтую ўборачную кампанію на палях рэгіёна працуе 961 экіпаж камбайнераў, у тым ліку 109 моладзевых, 84 сямейныя і 10 змешаных. Усяго на жніве задзейнічаны 701 кіроўца на адвозцы збожжа і 1605 механізатараў, сярод якіх 10 жанчын. Удзельніцы ўборачнай працуюць у Быхаўскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Шклоўскім раёнах.

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт