На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

БЕЛАЗ паставіў чатыры паліваарашальныя машыны ў Кузбас

7 жніўня 2023


БЕЛАЗ паставіў чатыры новыя паліваарашальныя машыны БЕЛАЗ-76473 з цыстэрнай на 32 кубаметры вады ў кожнай для аднаго з вядучых прадпрыемстваў Кузбаса, што распрацоўвае Бярозаўскае каменнавугальнае радовішча, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БЕЛАЗа.

Спецтэхніка па абслугоўванні гарнатранспартных работ серыі БЕЛАЗ-7647 перавозіць і распыляе ваду для эфектыўнага ўвільгатнення транспартных артэрый, тым самым павышаючы бяспеку і паляпшаючы экалагічныя ўмовы на адкрытых распрацоўках карысных выкапняў. Паліваарашальныя машыны БЕЛАЗ выкарыстоўваюцца ў рэгіёнах з умераным і гарачым кліматам пры тэмпературы паветра ў інтэрвале ад нуля да плюс 40 градусаў.

"Пылаборцы мадэлі БЕЛАЗ-76473, створаныя на шасі 45-тоннага кар'ернага самазвала, маюць комплекс веернага паліваарашэння і дзякуючы ўмяшчальнай цыстэрне, цэнтрабежнай помпе магутнасцю 32 кВт і з максімальнай прадукцыйнасцю 1700 л/мін, а таксама цэлай сістэме распырсквальнікаў ствараюць вакол сябе сапраўдны рукатворны дождж з шырынёй зоны паліву больш за 24 м. Акрамя таго, у камплект абсталявання паліваарашальнай машыны ўваходзіць яшчэ і кіруемы ў вертыкальнай і гарызантальнай плоскасцях лафетны ствол з дальнабойнасцю струменя каля 60 м, што дае магчымасць выкарыстоўваць машыну ў тым ліку і для тушэння пажараў. Кіраванне распыляльнай сістэмай вядзецца з кабіны аператара з дапамогай кнопак на эрганамічнай прыборнай панэлі", - расказалі ў прэс-службе.

Паліваарашальнікі БЕЛАЗ-76473 выдатна зарэкамендавалі сябе пры рабоце ў складаных горнатэхнічных умовах і паспяхова спраўляюцца са сваёй задачай па эфектыўным пылападаўленні і павышэнні бяспекі транспартных работ у кар'ерах Расіі, Казахстана, Зімбабвэ, Манголіі і іншых краін.

ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.