У Беларусі знімуць абмежаванні па памеры пенсій для працуючых пенсіянераў. Адпаведную меру падтрымаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, расказаў журналістам старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта тэма ўзнімалася яшчэ ў чэрвені ў час даклада Юрыя Сянько кіраўніку дзяржавы. Прапанаваная навацыя была звязана з індывідуальным каэфіцыентам заработку (ІКЗ). Цяпер для працуючых пенсіянераў пенсія ў частцы ІКЗ звыш 1,3 не выплачваецца. Такім чынам, частка працуючых пенсіянераў фактычна страчвае долю пенсійных выплат, хоць і атрымліваючы пры гэтым заработную плату.
Цяпер жа гэта абмежаванне павінна быць знята. "Сёння кіраўніком дзяржавы поўнасцю падтрымана ідэя, і мы чакаем выхаду ўказа, які поўнасцю зніме абмежаванні, што датычацца пенсіі. Гэта значыць, работнік, калі наймальнік яго захоўвае на працоўным месцы, будзе атрымліваць 100 працэнтаў сваёй сумленна заробленай пенсіі і плюс 100 працэнтаў - заработную плату", - заявіў журналістам старшыня ФПБ.
Як растлумачыла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, у Беларусі налічваецца амаль 446 тыс. працуючых пенсіянераў. У 110 тыс. з іх дзейнічаюць такія абмежаванні. "Яны, прадаўжаючы працаваць або выйшаўшы на работу, страчваюць частку пенсіі. Гэта частка ва ўсіх розная. Ад невялікай велічыні да больш за Br490, калі памер пенсіі вялікі і індывідуальны каэфіцыент сфарміраваўся даволі высокі, напрыклад, на ўзроўні 5", - дадала Наталля Паўлючэнка.
У далейшым, паводле яе слоў, прапануецца адысці ад гэтай абмежавальнай меры, скарэкціраваць яе ў праекце ўказа і поўнасцю выплачваць пенсію, калі чалавек пенсійнага ўзросту працуе. "Лічым гэта справядлівым", - сказала міністр. Яна падкрэсліла, што гэта пытанне вельмі часта ўзнімалася грамадзянамі ў час сустрэч у працоўных калектывах.
Вядома, наймальнікі ў гэтым таксама зацікаўлены, таму што яны могуць прадаставіць дадатковыя стымулы для дарослых, вопытных спецыялістаў, прафесіяналаў, якія важны на рынку працы.
Паводле разлікаў Мінпрацы і сацабароны, за кошт прыняцця абгавораных мер на рынак працы могуць вярнуцца больш за 10 тыс. маладых пенсіянераў, якія прымуць рашэнне прадаўжаць працаваць.