На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Дараганаўскі сельсавет

Карта-схема


Дараганаўскі сельсавет размешчаны на паўднёвым захадзе ад горада Асіповічы. Ён з'яўляецца адной з самых заходніх адміністрацыйных адзінак Магілёўшчыны. Мяжуе з Пратасевіцкім, Дрычынскім, Карытненскім сельсаветамі Асіповіцкага раёна, з Завалочыцкім - Глускага, Новадарожскім - Старадарожскага і Суцінскім - Пухавіцкага раёнаў.

Плошча савета складае каля 60 км. кв., больш за 60% якой займаюць лясы.

населеных пунктаў - 14.

На працягу доўгай гісторыі землі сельсавета належалі Радзівілам, Вітгенштэйнам, Бокшам, Дараганам. Адміністрацыйна ўваходзілі ў склад Мінскай губерні, у Новадарожскую, Жыцінскую воласці Бабруйскага павета, затым - акругі. Пазней - у Старадарожскі, Слуцкі і, нарэшце, у Асіповіцкі раёны.

Цэнтрам сельсавета з'яўляецца вёска Дараганава, размешчаная на чыгуначнай лініі Асіповічы-Старыя Дарогі, за 17 км ад Асіповічаў, на левым беразе р. Пціч.

Заснавана як чыгуначная станцыя ў 1896 годзе памешчыкам Дараганам і названа ў яго гонар. У 1890 годзе ў пасёлку пражывала 1000 жыхароў, налічвалася 200 драўляных пабудоў, адна вінная і 10 бакалейных крам, лесапільны завод, паравы млын.

У 1917 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у 1923 годзе - фельчарскі пункт.

З 1924 года Дараганава - цэнтр сельсавета Новадарожскай воласці Бабруйскага павета.

У 1926 годзе пачала працаваць хата-чытальня і школа-сямігодка (183 вучні).

На сённяшні дзень у пасёлку каля 175 двароў, функцыянуе чыгунка, АТС, электрастанцыя, аддзяленне паштовай сувязі, лясніцтва, вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-школа, музычная школа, дом побыту, аптэка, участковая бальніца, бібліятэка, лазня, аддзяленне філіяла ААБ «Беларусбанк», дзве крамы.

Далёка за межамі раёна ведаюць Дараганаўскі краязнаўчы музей, які быў адкрыты ў 1983 годзе пры актыўным удзеле настаўніцы пачатковых класаў Зінаіды Рыгораўны Верашчакі, якая доўгі час узначальвала яго працу.

Ніводнае свята ў раёне не абыходзіцца без удзелу народнага ансамбля народнай песні «Вяселле» СВК «Калгас «Каўгарскі».

У Дараганаўскім лясніцтве працуе А.Г. Сямёнаў, шматразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь сярод лесарубаў, удзельнік міжнародных спаборніцтваў, якія праходзілі ў Аўстрыі, Нарвегіі і Шатландыі.

У 1976 годзе ўстаноўлены помнікі на брацкіх магілах савецкіх воінаў і партызан і брацкіх магілах ахвяр фашызму. 27 чэрвеня 2004 г. непадалёк ад в. Крынка ўсталяваны мемарыяльны знак у памяць аб расстраляных дзецях на месцы былога санаторыя «Крынкі».

Знакамітыя землякі: Г.М. Ліўшыц - доктар гістарычных і філасофскіх навук, заслужаны дзеяч навукі; А. М. Рамановіч - кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі; П.А. Капітула -доктар эканамічных навук, прафесар; А.А. Дражнюк - кандыдат тэхнічных навук, сапраўдны дзяржаўны саветнік федэральнай службы геадэзіі і картаграфіі Расійскай Федэрацыі, старшыня рэдакцыйнай калегіі "Атлас свету", Г.П.Тварановіч (Сеўрук) - доктар філалагічных навук, паэтка.